Work Text:
— Сур’ёзна, Руфус? Чорны кот?
Руфус Драмнот падняў вочы ад кнігі, якую ён чытаў за невялікім столікам пры святле тоўстай свечкі. Звычайна патрыцый Анк-Морпорка (і ягоны непасрэдны начальнік) карыстаўся патаемным уваходам адное ў выключных сітуацыях, але сёння, відавочна, нагодай быў...
Кавалачак цемры на ложку ў куце пацягнуўся і расплюшчыў вочы. Вочы былі зялёныя.
— Я прачытаў усе інструкцыі, абавязкі і рэгламенты, мілорд, і нідзе няма згадак пра тое, што ў палацы нельга трымаць ката, — ветліва адказаў Руфус, паднімаючыся з зэдліка.
— Вядома, можна, але навошта? — патрыцый быў відавочна пазбаўлены свайго звычайнага спакою, што апошнім часам здаралася толькі ў тыя дні, калі ў красвордзе траплялася слова, якое ніяк не жадала адгадвацца. — Руфус, нашто табе кот, да таго ж чорны? Ён будзе бязгучна бадзяцца па ўсім палацы, рабіць што яму захочацца і пужаць наведнікаў... Гэта ж не сабака, яго нельга прыручыць! Наадварот, гэта ён прыручыць цябе. Будзе блытацца пад нагамі, прападаць на невядома колькі дзён, прыходзіць брудным і падрапаным... І нават спаць у не прызначаных для жывёл месцах!
— Хм, я меркаваў, што спаць ён будзе са мною, — адказаў Руфус. — Што да ўсяго іншага... Ці правільна я разумею, мілорд, што вас турбуе перспектыва таго, што я прывяжуся да кагосьці, хто можа ў любы момант незаўважна апынуцца ў любым пункце палаца, хто пужае наведнікаў, можа прапасці невядома куды па сваіх справах і вярнуцца параненым?
У канцы сваёй прамовы Руфус выразна паглядзеў на далонь патрыцыя, дбайна перавязаную чыстай тканінай, а калі падняў вочы, то перахапіў задуменны позірк Вецінары.
— Ты сапраўды лічыш, што я падобны да ката? — урэшце спытаў патрыцый, вярнуўшы на свой твар звычайны безэмацыйны выраз.
— Калі вас гэта не зневажае...
— О, у тваёй інтэрпрэтацыі — абсалютна не, — Вецінары бестурботна ўзмахнуў перавязанай рукой у адмоўным жэсце. — Але ў такім выпадку ці патрэбныя табе два каты?
— Вы мяркуеце, што я магу выкінуць аднаго з іх? — здзіўлена прыўзняў бровы Руфус. — Не, гэта абсалютна выключаецца.
— У такім выпадку, які з катоў будзе спаць у тваім ложку, Руфус? — Вецінары выразна паглядзеў на кавалачак цемры, які ўжо зноў мірна спаў.
— А гэта ўжо як вы ўдваіх дамовіцеся, — бесклапотна ўсміхнуўся Руфус.
Кавалачак цемры на ложку салодка пацягнуўся і лёг на іншы бок.
— Ведаеш, у аднаго з тваіх катоў ёсць свой ложак у іншым пакоі. Ці разглядаеш ты такі варыянт?
— О, такі варыянт мяне цалкам задавальняе.
02.12.2025
